Расказаў пра Вілейшчыну - і атрымаў дыплом

18.05.2020

Добрай навіною падзяліўся з рэдакцыяй газеты дырэктар СШ №3 Мікалай Гіро - другакласнік установы адукацыі Леў Каркотка стаў лаўрэатам фестывалю-конкурсу дзіцячай журналістыкі СТАРТ.

Дыпломам за ўдзел у конкурсе адзначаны таксама сямікласніца Паліна Казлянок і шасцікласнік Арсень Кузняцоў. Вынікі былі агучаны 5 мая, у Дзень друку.

Усяго больш за 150 заявак - індывідуальных і калектыўных - было даслана на конкурс, арганізатарамі якога выступілі факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, упраўленне ідэалогіі, культуры па справах моладзі Мінаблвыканкама, Беларускі саюз журналістаў. Рэпартажы і інтэрв’ю, публіцыстычныя і фота- работы - падчас правядзення конкурсу ўсе матэрыялы публікаваліся на старонках рэгіянальных і абласных друкаваных выданняў, на інтэрнэт-пляцоўках. На момант апублікавання конкурснай работы самаму малодшаму ўдзельніку было 7 гадоў, а самаму старэйшаму - 18. 3 агульнай колькасці конкурсных матэрыялаў у фінал прайшлі 73, а ўжо з іх ліку журы вызначыла пераможцаў.

Юны віляйчанін Леў Каркотка быў адзначаны як аўтар лепшай публікацыі ў тэматычным раздзеле "Месца, дзе я жыву" за краязнаўчы нарыс пра вілейскі край, надрукаваны ў газеце "Зорька". Фестываль-конкурс дзіцячай журналістыкі ў БДУ праводзіўся ўпершыню і накіраваны на папулярызацыю прафесіі журналіста.