Роднае слова, табой я багаты...

16.11.2021

 

Так пісаў наш знакаміты зямляк, настаўнік і паэт Іван Лашутка. У дзень яго нараджэння - 10 лістапада — у сярэдняй школе № 3, дзе Іван Іосіфавіч доўгі час працаваў, прайшлі літа ратурныя чытанні «Музыка слова».

 У гэты лістападаўскі дзень паэту споўнілася б восемдзясят восем гадоў, і ён мог бы быць сярод нас. На жаль, жыццё Івана Лашуткі абарвалася 1 верасня сямнаццаць гадоў назад... Але жывуць яго вершы - хвалююча-кранальныя, блізкія кожнаму з нас.

Мерапрыемства «Музыка слова» прайшло ў класе-музеі паэта, што размяшчаецца ў трэцяй гарадской школе. Падрыхтавалі і правялі літаратурныя чытанні Таццяна Захарыч, дырэктар эстэтычнага цэнтра выхавання, былая вучаніца Івана Лашуткі, і дачка паэта Лілія Твярдоўская, настаўніца гэтай школы. На сустрэчу прыйшлі вучні шостых і другіх класаў, супрацоўнікі раённай бібліятэкі імя Ганны Новік, людзі, якія любяць і памятаюць паэта.

Светла-журботная і такая блізкая сэрцу мелодыя песні «Край верасовы», якую на словы Івана Лашуткі напісаў вілейскі кампазітар Аляксандр Высоцкі, адкрыла сустрэчу, запрасіла да размовы. Прысутных вітала Таццяна Захарыч, якая пазнаёміла ўсіх з новым дыскам «Барвовае лісце», вы- пушчаным нядаўна калектывам аўтарскай песні «Элегія». На ім ёсць і песні на словы Івана Лашуткі. Дыскі Таццяна Мікалаеўна ўручыла на сустрэчы людзям, з якімі яе звязвае творчая дзейнасць.

А затым у зале гучалі вершы паэта. Усхвалявала, калі іх чыталі блізкія людзі Івана Іосіфавіча - дачка Лілія і праўнучка Паліна. «Вось яна, пераемнасць пакаленняў, - думалася мне. - Моцная, крэўная сувязь блізкіх і творчых людзей, якую нішто не ў сілах перарваць».

Пра роднае слова і бацькаўшчыну, сумленне і справядлівасць, жыццёвыя каштоўнасці і духоўнасць, памяць і ўсеабдымную любоў пісаў паэт свае творы. I пра нашу змену, дзяцей, якіх вельмі любіў, - таксама. Гэта да іх звяртаўся ён такімі рад камі:

Вы - мае найвышэйшыя суддзі,
Вы - мае абаронцы надзей.
Найчасцей бы, дарослыя людзі,
Справядлівасць шукаць - у дзяцей.

Менавіта яны, дзеці, былі галоўнымі гасцямі і ўдзельнікамі літаратурных чытанняў. Іх вуснамі гаварыў у гэты дзень паэт, з іх вуснаў гучала высокае, мудрае, справядлівае і такое роднае беларускае слова.

 

image-11-11-21-01-16-1

image-11-11-21-01-16-3