Экалагічнае падарожжа

10.06.2020

Сусветны дзень навакольнага асяроддзя – адзін з галоўных у экалагічным календары. Штогод ён адзначаецца 5 чэрвеня. І сёлета гэты асаблівы дзень не застаўся па-за ўвагай вучняў і педагогаў трэцяй гарадской школы, якія заўсёды ўважліва ставяцца да праблем навакольнага асяроддзя і разумеюць вострую неабходнасць змены адносін чалавека да прыродных рэсурсаў.

Экадзейнасць і экапаводзіны ва ўстанове адукацыі – добрая традыцыя, да якой ахвотна далучаюцца і бацькі вучняў. Шмат мерапрыемстваў і акцый, якія праводзяцца, маюць гэты накірунак. Пяты дзень чэрвеня таксама атрымаўся насычаным.

Наведвальнікі школьнага аздараўленчага лагера і іх педагогі адправіліся ў “падарожжа” на востраў Брудны. Старт мерапрымствам дала інфармацыйная хвілінка здароўя “Каранавірус – гэта трэба ведаць”. Успомнілі пасля і пра бяспеку на дарозе – правілы, якія трэба ведаць і выконваць усім удзельнікам дарожнага руху. Затым адбыліся акцыі па зборы макулатуры і батарэек, якія ўжо адпрацавалі сваё. “Адмоўся ад пластыкавых пакетаў” – пад гэтым лозунгам прайшло торба-шоў, удзельнікамі якога сталі і прахожыя, якім расказвалі пра шкодны ўплыў пластыку на навакольнае асяроддзе і прапаноўвалі альтэрнатыўныя, больш экалагічныя, варыянты торбачак.

Размінкай для ўсіх стала спартыўная гадзіна “Вясёлыя старты”, а падчас працоўнага дэсанту “Аздобім планету кветкамі” кожны змог папрацаваць на карысць школы. Без справы не застаўся і валанцёрскі атрад БРСМ “Добрае сэрца”: добрыя справы – іх профіль.

Афармленнем бартавога журнала скончылася гэта цікавае і карыснае падарожжа з прыстаўкай “эка-“. Так невялікімі намаганнямі неабыякавых людзей робіцца вялікая справа.

DSCN5019

IMG_5798

IMG_5803